З чыноўнікаў, дарэчы, і спрабуе спаганяць Рыгоравіч. А паколькі ў шматлікіх выпадках яны думаюць толькі пра адну рэч, як не прагнявіць свайго патрона, то ніякай творчасьці, ніякіх здабыткаў у іх няма. Па вялікаму рахунку, інстытуцыя ўладнага чынавенства ў рэгіёнах у нас нікуды ня вартая. Няўзброеным вокам бачна: яна не задавальняе і Аляксандра Лукашэнку. Яму быццам бы й хочацца адраджаць беларускую вёску, дзе жыве самы надзейны электарат чала дзяржавы, а вось чыноўнік ту яму не памочнік. Бо павінен думаць не пра адраджэньне сяла, а пра тое як адсправаздачыцца за надоі, прывагі, ураджайнасьць ды іншыя паказчыкі. Добрыя паказчыкі—значыцца, нацэліўся той ці іншы рэгіён на такое адраджэньне. Кепскія—значыцца, кіраўнікі ёсьць лайдакамі. І трэба іх за няўменьне караць.Толькі ж праца пад страхам—гэта праца рабоў. Таму ў нас ніяк ня выкрысталізуецца менавіта чыноўнік новай фармацыі, ужо ня кажучы пра сяльгасчыноўніка. Вось і даводзіцца чалу дзяржавы нярэдка зьвяртацца да паслугаў клясы бюракратыі савецкай партэйнай школы. Маўляў, яны працавалі ў свае часы добра, ведалі што такое адказнасьць за партбілет чальца КПСС. Але што яны могуць сёньня зрабіць на вёсцы гэтыя перастаркі? Ды нічога. Іхны час даўно сыйшоў. Як сыйшоў час лукашэнкаўскай дыктатуры, што нават пры нейкіх добрых намерах Рыгоравіча, акрамя жывёльнага жаху ў падручнае “вэртыкалі” ніякай творчай думкі ў галовы і сэрцы не ўсяляе. Бо праблемы вёскі палягаюць у рэчышычы зямельнай рэформы, а зямельная рэформа—гэта, найперш, дэмакратызацыя вёскі ды эканамічных адносінаў паміж уладамі і сялом. З калгасамі трэба разьвітвацца ды разьвіваць аграпрадпрыемствы на падставе прыватных капіталаў, фэрмерства, ствараць зямельныя ды іпатэчныя банкі. Таму й расчараваны Аляксандар Лукашэнка, не разумеючы, што справа не ў гэтых чыноўніках, а ў ім, самім, у калгасна-саўгасным дыктатары. Таму на такіх во сіўцоў ён можа толькі злавацца. Ну яшчэ—аддаць пад суд, прычапіўшыся да нейкай фармальнай драбязы ў іхным будзённым жыцьці (паклаўшы руку на сэрца, трэба ўсё-такі прызнаць, што Смалявіцкі райсуд у выпадку з былым кіраўніцтвам Барысаўскага райвыканкаму біў па хвастах—чыноўнікі або вярнулі воргану ўлады сваё жытло, або пачалі яго выкупліваць). Разумеючы гэта судзьдзі і пакараньні выносяць адпаведныя з улікам і веку, і колішніх заслугаў ды іншых падобных фактараў.
Хаця ўзгаданую чацьвёрку барысаўскай “райвэртыкалі” можна было судзіць за канкрэтнае злачынства: як канстатавалі дзяржкантралёры ў сваіх дакумантах, пад час працы савецкага гаспадарніка Яўгена Сіўца на пасадзе старшыні райвыканкаму ў Барысаве, 85 адсоткаў наяўных гаспадарак працавалі стратна, прыпіскі пасяўных плошчаў, колькасьці жывёлы, выхаду малака, мяса, зерня мелі масавы характар. У сфэры рэальнай эканомікі насамрэч ўсталяваўся хаос, а да ейнага рэфармаваньня ў Яўгена Сіўца, Георгі Кары, Васіля Гарэльскага рукі проста не даходзілі. Цікава, што Гарэльскі трапіў на важную пасаду ў Барысаўскі райвыканкам пасьля таго, калі на Капыльшчыне і ў Менскім раёне разваліў два калгасы. Ад пасады ў прысталічнай, некалі знакамітай гаспадаркі “Новы быт” гора-гаспадарніка адхіляў адзін зь віцэ-прэм’ераў беларускага ўраду...
Правільна гаворыцца ў Эвангельлі: ня судзіце ды й вас ня будуць судзіць.
Уласна, навошта судзіць тое, што аджыло—калгасы, саўгасы, сталінскі стыль кіраваньня адміністрацыйнай эканомікай? Усё гэта проста ня трэба рэанімаваць, яго неабходна памяняць на штосьці новае, маладое і пэрспэктыўнае.
3
Як жа вось такое гаспадараньне, рэпрэзэнтаванае Сіўцом ды ягоным атачэньнем, адбілася на жыцьці рэгіёну, на жыцьці вяскоўцаў?
...У 2002 годзе, калі з-пад азадкаў гэтых спадароў былі павыбіваныя мяккія службовыя крэслы, група жыхароў вёскі Жортай (ажно 43 чалавекі) зьвярнуліся ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі са скаргаю на дзеяньні сваёй зямлячкі Лілі Вогар. Яна займала пасаду старшыні ліквідацыйнае камісыі калгаса “Чырвонапартызанскі”, яшчэ крыху раней працавала ягоным кіраўніком.
На разьбіральніцтва фактаў, выкладзеных у лісьце, тады пайшло паўтары месяцы. І вось—адказ ад намесьніка старшыні Менскага аблвыканкаму Леаніда Зайца. Мяркую, гэты дакумант, ня гледзячы на ўсю ягоную канцылярскую ссушанасьць стылю напісаньня, усё-такі дастойны таго, каб яго поўнасьцю працытаваць:
“Заява Яфімовіча Н. А. ды іншых жыхароў вёскі Жортай Барысаўскага раёну, што адрасавана ў Адміністрацыю Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь разгледжаная... Агульным сходам калгасьнікаў калгасу “Чырвонапартызанскі”10 студзеня 2003 году прынятае рашэньне адносна ліквідацыі калгасу. З гэтай мэтай была створаная ліквідацыйная камісыя, якую ачольвала в. а. старшыні калгасу Вогар Л. У. Выракам суду Барысаўскага раёну і г. Барысаву ад 26 сакавіка 2003 году і вызначэньнем судовай калегіі па крымінальных справах Менскага аблсуду ад 10 верасьня 2003 году Вогар Л. У. асуджаная, паводле ч. 2 арт. 430 КК РБ (атрыманьне хабару) да пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 5 гадоў. Пастановай Прэзыдуюму Менскага аблсуду ад 10 верасьня 2003 году дадзены вырак ды вызначэньне зьмененыя і дзеяньні Выгар Л. У. перакваліфікаваныя з ч.2 арт. 430 КК на ч. 1 арт. 430 КК РБ. Такім чынам, прызначанае пакараньне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўленьня волі без канфыскацыі маёмасьці з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых ды адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на пяць гадоў. Адбываньне пакараньня—у выпраўленчай калёніі агульнага рэжыму. У сувязі з гэтым Вогар Л. У. вызваленая ад пасады в. а. старшыні калгаса “Чырвонапартызанскі”.
Рашэньнем агульнага сходу калгасьнікаў ад 13 лістапада 2003 году в. а. старшынём калгасу выбраны Стаін В. К. Зараз у кошт пагашэньня запазычанасьці перад крыдыторамі ліквідацыйнае камісыяй вядуцца работы дзеля адчуджэньня маёмасьці, якае яшчэ засталася ў калгасе.
З мэтай аказаньня паслугаў па вырошчваньні сельскагаспадарчае прадукцыі ды вэтырынарнай помачы насельніцтву Маісееўшчынскага сельскага выканаўчага камітэту ад 27 лістапада 2003 году №32 ствараецца камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Жортай”. Заснавальнікам выступае Маісееўшчынскі сельскі выканкам Барысаўскага раёну. На балянс прадпрыемства, якое ствараецца, перададзеная частка маёмасьці, якая належала калгасу...”
Адказам жортайскія падпісанты засталіся незадаволеныя. Бо ён наўрад ці высьветліў наступныя пытаньні. Чаму, напрыклад, былы старшыня райвыканкаму Яўген Сівец даверыўся Лілі Вогар? Яна ж ня зьяўлялася спецыялістам у нейкае галіне сельскае гаспадаркі, а была ўсяго бібліятэчным работнікам, сьціплым гуманітарыем. Затым, чаму Сівец не звярнуў сваю дасьведчанаю ўвагу на тую акалічнасьць, што гэтая жанчына—інвалід 2-й групы? Нарэшце, чаму яна была прызначаная на адказную пасаду без зацьверджаньня агульным сходам калгасьнікаў?
Паводле меркаваньня аўтараў ліста, гэта дала нагоду Лілі Вогар казаць зямлякам: маўляў, я да вас у старшыні не напрошвалася, Мяне прызначылі—я і кірую!
Такі стыль працы Лілі Уладзіміраўны ў спалучэньні з адсутнасьцю кантролю прывёў да плачэўнага фіналу. Найперш—для яе ж самае. Пад час распродажу калгаснае тэхнікі з мэтаю кампэнсацыі даўгоў “Чырвонапартызанскага” Вогар “засьвяцілася” на хабары ў... 50 даляраў ЗША. Як раз—у той момант, калі збывала калгасны аўтамабіль. Паводле падпісанатаў, распродаж адбываўся згодна з рэшткавым, а не рэальным, коштам матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасьцяў. Сяляне канстатавалі факт, што й пасьля таго, як Лілю Уладзіміраўну “застукалі” на хабары, яна па-ранейшаму працягвала кіраваць ліквідацыйнай камісыяй.
Старшыня суду Барысаўскага раёну і г. Барысаву Сяргей Мікуліч мне дадаткова паведаміў: пасьля перагляду гэтай крымінальнае справы Прэзыдыюмам Менскага аблсуду Ліля Вогар падпала пад апошнюю амністыю, у сувязі з чым ёй засталося адбываць пакараньне роўна адзін год у мейсцах пазбаўленьня волі. З 16 лютага 2004 году рашэньне набыло сілу.
Падалося адметным супадзеньне: службовая асоба, якая рэкамендавала бібліятэкарку на пасаду кіраўніка калгасу, а потым прызначыла галавою ліквідацыйнае камісыі “Чырвонапартызанскага”, сама патрапіла пад суд. Узгадалася, як выказаўся адзін герой вядомага ў краінах былога СССР фільма “Сьцеражыся аўтамабіля” ў фінальнае сцэне суду над Дзетачкіным : “Сядзець будзем усе!”.
Я доўга думаў: што ж адказаць на самае галоўнае пытаньне жортайцаў. І праз газэту вырашыў іх троху падвесяліць, хаця душу сабакі згрызалі, як тую костку. Маўляў, жыцьцё і ў вёсцы Жортай , і ў іншых населеных пунктах “Чырвонапартызанскага” будзе працягвацца. Ня гледзячы ані на якія катаклізмы, зьвязаныя з асаблівасьцямі пераходнага перыяду эканомікі нашай краіны. Аматарка хабару пакараная. А тое, што адным калгасам стала меней, дык гэта добры знак сялянам з астатніх нярэнтабельных сельгасарцеляў Барысаўшчыны. Галоўнае—знайсьці для зямлі гаспадароў, якія ведаюць сваю справу, а потым зрабіць так, каб карміцелька не зарасла лебядою й радавала гараджанаў таннымі прадуктамі, а ўчорашніх калгасьнікаў—добрымі прыбыткамі.
ПУБЛІЧНЫЯ СЬВЕДЧАНЬНІ Ў ТЭМУ:
ЗЬ ІНТЭРВІЮ
“НА ШЛЯХУ СТАБІЛІЗАЦЫІ СЕЛЬГАСПРАДУКЦЫІ”
Прызнаным лідэрам ў аграрным сэктары Барысаўшчыны лічыцца Менскае абласное сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства (МАУСП) “Стара-Барысаў”. Ня гледзячы на тое, што яно належыць дзяржаве, у ім добра наладзіўся своеасаблівы канвэйр: вырошчваньне, перапрацоўка ды рэалізацыя уласнай прадукцыі. Як жа ўдаецца калектыву гаспадаркі ў наш складаны час дамагацца вось такіх значных вынікаў? Пра гэта мы размаўляем з дырэктарам “Стара-Барысава” спадаром Георгі КУЛЯШОВЫМ.
--У мясцовых газэтах нядаўна паведамлялася, што прадукцыя Вашае гаспадаркі прадаецца праз уласныя фірмовыя крамы, паводле коштаў, якія ці не ў два разы ніжэйшыя чым дзяржаўныя. Чым патлумачыце гэты факт?
--Журналісты справядліва зазначаюць, што ў нашых крамах кошты заўжды значна ніжэйшыя, чым у гандлі Барысаву і Менску. Правіла тут адно:каб прадаваць больш танна, трэба вырошчваць больш танна—гэта па-першае. Другое, накладныя выдаткі, зьвязаныя з утрыманьнем гандлёвых памяшканьняў ды абсталяваньня, у нас скарочаныя да мінімуму. Мы рэалізуем уласную прадукцыю праз уласныя крамы. Больш таго, захоўваем агародніну ў добрых умовах. Такім чынам, мы “закальцавалі” добрую высакапрадуктыўную вытворчасьць. За кошт гэтага прадукцыя робіцца таннай...
--Як ніхто іншы, Вы ведаеце наконт праблемаў сваёй гаспадаркі. Пералічыце нейкія зь іх.
--Ёсьць у нас старая, як Сусьвет, праблема—высокі ўзровень адміністраваньня.
--Гэта азначае, што Вам хочацца больш свабоды ў кіраўніцтве “Стара-Барысавам”?
-- Хочыцца прымаць рашэньні не з улікам начальніцкага меркаваньня, а выключна з мэтай атрыманьня найбольшай выгоды дзеля гаспадаркі. У савецкія часы, калі адбываліся рэцыдывы кіраўнічых указыўкаў, пад іх даваліся прыстойныя сродкі. Зараз гэткае падтрымкі няма. Вось у чым розьніца...”
Максім ЛАБЖАНЕЦ
“Барысаўскія Навіны” за 4—10 сьнежня 2003 году.
ПЭДВАЎКАЛАКІ
Куды ж плыве тая сыстэма мясцовае ўлады, якая называецца “вэртыкальлю”? Думаю, што да загніваньня, дэградацыі й самавынішчэньня. Асабліва гэта бачна з таго фактару, што крымінал на той же самай Барысаўшчыне усё больш часта ды больш нахабна ўкараняецца ў пэдагагічна-чыноўніцкае асяродзьдзе. Туды, дзе, падаецца, павінны працаваць самыя маральныя, паводле свайго прызваньня, людзі. Аднак, насуперак усялякай лёгіцы супрацоўнікі праваахоўных ворганаў Барысаўскага раёну і Управы нутраных справаў Менаблвыканкаму ўжо некалькі гадоў ня вылазяць зь мясцовай сыстэмы адукацыі—крымінальныя справы не адпушчаюць. Яны займаюцца расьследваннямі крадзяжоў казённай маёмасьці, прысваеньняў праз усялякія махінацыі дзяржаўных сродкаў, “выняткаў” з гуманітарнай замежнай дапамогі, вымаганьняў хабараў ды іншых штукарстваў, на якія, высьвятляецца, здатныя высакапастаўленыя сейбіты разумнага, добрага, вечнага.
1.
Дарэчы, у 2004-м годзе за падобныя махлярствы суд Барысаўскага раёну і г. Барысаву асудзіў, былога цяпер, загадчыка райаддзела адукацыі, спадара Алецкага і загадчыка гаспадарчай часткі аднаго са школьных летнікаў, спадара Беланоўскага. Запала ў памяць, што, напрыклад, Алецкі нейкія школьныя сантэхнічныя прылады скрыстаў пад час рамонту свайго жытла.
Паводле беларускай прымаўкі, учыняючы гэткае, уласнаму сабаку сорамна ў вочы глядзець, а ня тое што падначаленым калегам па працы ў педагагіцы. Аднак спадар Алецкі не пакутваў на душэўныя згрызоты. Ён краў да таго часу, пакуль ягонымі справамі ўшчыльную не заняўся аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі раённай міліцыі, а затым—адпаведная управа УУС Менаблвыканкаму.
Карацей, атрымалася дзіўная сітуацыя: з аднаго боку, спадар Алецкі —начальнік раённага аддзелу адукацыі, які павінен быць і сам на маральнай вышыні , і ў сваех падначаленых патрабаваць, каб тыя выхоўвалі юную змену у духу найвышэйшай маральнасці ды законнапаслухмянасці. А з другога боку, начальнік аддзела адукацыі, спадар Алецкі ёсьць, выбачайце, злодзеем і казнакрадам. Вынікае, што любы школьнік, які трымаецца на кончыку алоўка ў міліцыі, больш высакародны, чым кіраўнік пэдагагічнай галіны Барысаўшчыны. Прынамсі, у таго ці іншага юнага свавольніка, адрозна ад раённага пэдначальніка Алецкага, яшчэ ёсць час, каб выправіцца ды распачаць новае жыццё. Чаго, вядома, няма ў чыноўніка, дарослага чалавека. Вось такі атрымліваецца казус. Хоць рагачы, хоць плач. Нават работнікі ідэялягічнага адзьдзелу райвыканкаму рукамі разводзяць, калі ў іх дапытваесься: ці могуць яны паставіць нейкі бар’ер на шляху да кадравай пасады выпадковых у пэдагогіцы людзей? Куды ж, маўляў, прызначаць такіх на кіраўніцкія пасады? У адказ чуеш: не ад іх, ідыёлягаў, гэта залежыць. Ідыёлягі павінны прапагандаваць духоўныя каштоўнасьці ды перавагі існуючага ў краіне грамадзка-палітычнага ладу, а ня корпацца ў бруднай бялізьне крымінальных элементаў. А тут толькі аціх скандал са спадарамі Алецкім ды Беланоўскім , як распачаўся скандал са спадарыняй Надзёжкінай, дырэктрысай Жортайскай сярэдняй школы, што на Барысаўшчыне. Над спадарыняй Надзёжкінай, між іншым, у кастрычніку адбыўся суд, які разглядаў парушэньні ёю канкрэтных артыкулаў Крымінальнага Кодэксу РБ. А калі ўлічыць, што да ўсяго пазначанага вось ужо другі год запар “разматваецца” справа супраць нейкай выхавацелькі ды былога цяпер дырэктара Стара-Барысаўскай школы-інтэрнату спадара Грэмянка (ім таксама інкрымінуецца даволі важкі, паводле КК РБ, крымінал), то й галава можа пайсці кругам. Бо адміністрацыйныя кадры школаў-інтэрнатаў зацьвярджае самае ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкаму, а не раённая “вэртыкаль”.
Нават ня вытрымаў самы галоўны ахоўнік законнасьці ў рэгіёне-- пракурор Барысаўскага раёну Сяргей Кляшчонак, які нядаўна аўтару гэтых радкоў, хаця і афіцыйна, але шчыра, прызнаўся:
--Такіх людзей нельга падпускаць да школы і дзяцей! Між іншым, мы ўжо каторы год
разбіраемся з рэгіянальнай сістэмай адукацыі. Загадчык райаадзелу адукацыі, загадчык гаспадарчай часткі летняга лягеру, дырэктар адной зь вясковых школ. Гэты сьпіс можна працягваць... Пытаньне пра тое, што ўстановы адукацыі ў рэгіёне павінны ачольваць выключна сумленныя і прыстойныя людзі, на мой погляд, даўно насьпела і перасьпела...
Калі ўжо вось гэтак кажа сам пракурор, то, мусіць, ён, па-першае, мае рацыю, а, па-другое, “райвэртыкаль” павінна да пракурорскага меркавання, урэшце рэшт, прыслухацца. Калі толькі яна, напрыклад, не жадае, каб чарада “пасадак” сярод адказных райвыканкамаўскіх работнікаў, якая пачалася два гады таму пры былым кіраўніку воргану выканаўчай улады Барысаўшчыны спадару Сіўцу , працягвалася і сёньня. Усё-такі тут, у Барысаўскім райвыканкаме, цяперака працуюць граматныя кадры, неблагія сьпецыялісты і аграмэнэджэры. Яны ў неверагодна складаных эканамічных умовах дэградуючай і выміраючай барысаўскай вёскі стараюцца прытармазіць гэтыя негатыўныя працэсы, якія, вядома ж, выкліканыя ня іхнымі высілкамі і стараньнямі. Зазначу, шчыра стараюцца, каб мы, гарадчукі, усё-такі жылі і з хлебам , і з мясам, і з малаком. Праўда, як такое часта здараецца, рукі ў людзей, занятых надзвычай канкрэтнымі і далёкімі ад пэдагогікі справамі, не даходзяць да таго, каб раз і назаўжды разабрацца: што ж робіцца ў адукацыйнай сістэме Барысаўшчыны? чаму гэтая сістэма даволі працяглы час турбуе праваахоўныя ворганы? Аднак адкладваць пошук пэўнага спосабу ці мэханізму ў падборы тых людзей, каго можна прызначыць на дырэктараў і гаспадарнікаў у вясковых школах, далей нельга. Бо сёння, думаю, за кожным дырэктарам, завучам і настаўнікам стаіць архіважная задача-- узрасьціць новае і здаровае ў маральным сэнсе пакаленьне. Якое, прынамсі, праз дзесяць-пятнаццаць гадоў у іншых сацыяльных ды палітычных умовах будзе больш паспяхова, чым гэта робім сёньня мы, будаваць, сапраўды, духоўна сьветлую, эканамічна багатую і дэмакратычную нашу Радзіму—Рэспубліку Беларусь.
2.
Падобная да іх і спадарыня Надзейкіна, дырэктарка сярэдняй школы ў вёсцы Жортай, даволі аддаленага населенага пункту на тэрыторыі рэгіёну. Нагадаю, што суд горада Барысаву і Барысаўскага раёну, які нядаўна адбыўся, прысудзіў ёй два гады пазбаўленьня свабоды з утрыманнем ў калёніі звычайнага рэжыму. Праўда, адзін год пакараньня суддзя Н. Стрыгалёва адразу ж, у ходзе судовага паседжання скасавала па амністыі, якая штогод праводзіцца ў Рэспубліцы Беларусь. Так што ў выніку знаходзіцца за калючым дротам гэтай, былой цяпер, дырэктарцы выпадае ўсяго дванаццаць месяцаў.
Каб уявіць тое, што ўчыняла спадарыня Надзейкіна, знаходзячыся ў начальніцкім крэсле вясковай школы, працытую некаторыя вытрымкі зь ейнай крымінальнае справы, што вёў аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Барысаўскага РАУС і адпаведная управа УУС Мінаблвыканкаму:
![]() |
Home >> Select Country >> Беларусь >> Книги >> БАРЫСАЎСКІЯ КРОНІКІ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ >> 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 << |
| Select Country |
|
|
|
[an error occurred while processing this directive] |